Адкуль наш род (беларускі чацвер 06.02.2020 г.)

Дата публикации: 7 февраля 2020

Гістарычная выстава «Адкуль наш род» была падрыхтавана ў бібліятэцы ДУА “Сярэдняя школа № 40 г. Магілёва” ў адзіны дзень беларускага маўлення.

Рагнеда Рагвалодаўна (Гарыслава) (каля 960-1000), полацкая князёўна, асветніца – 1060 гадоў з дня нараджэння. Жыццё гэтай жанчыны хвалюе пісьменнікаў і мастакоў: ёй прысвечаны паэмы, аповесці, оперы, карціны, нават балет. У яе вобразе ўвасобілася і жаночая прыгажосць, і жаночая годнасць, і любоў да Бацькаўшчыны. Уладзімір, які перамог кіеўскага князя Яраполка і стаў княжыць у Кіеве, ажаніўся з полацкай князёўнай. Быў у гэтым кроку ўладара Русі свой палітычны разлік, бо Уладзімір як муж Рагнеды атрымліваў права на полацкі пасад. Чатырох сыноў нарадзіла Рагнеда свайму мужу, а таксама дзвюх дачок.

Міналі гады, але час не вылечыў былы боль. Памятала Рагнеда той жахлівы дзень, калі Уладзімір забіў яе бацьку і братоў, па-ранейшаму ненавідзела яна гвалтаўніка. З Уладзімірам бачылася рэдка. Рагнеда жыла з дзецьмі ў вёсцы Лыбедзь каля Кіева. Аднойчы Уладзімір прыехаў у Лыбедзь і застаўся там начаваць. Вось тады і вырашыла гордая княгіня адпомсціць мужу за той здзек з яе Айчыны, з яе сям’і, з яе самой. Калі князь спаў, Рагнеда з кінжалам у руцэ падышла да ягонага ложка, каб забіць яго. Але нялёгка жанчыне падняць зброю на чалавека.

Так і не ўдарыла яна мужа. Уладзімір прачнуўся і перахапіў Рагнедзіну руку з кінжалам. На пытанне, чаму яна хацела яго забіць, Рагнеда адказала: «За тое, што бацьку майго забіў і зямлю яго паланіў і не любіш ні мяне, ні сваіх дзяцей». Рагнеда дала меч старэйшаму сыну Ізяславу і сказала: «Калі бацька прыйдзе сюды, скажы яму: «Ты не адзін тут!». Ізяслаў так і зрабіў. Калі Уладзімір вярнуўся, Ізяслаў засланіў з маці: «Ты не адзін тут». Гэтага князь не чакаў, ён збянтэжана адказаў: «А хто ведаў, што ты тут?» Учынак Ізяслава выратаваў Рагнеду. Уладзімір саслаў Рагнеду і Ізяслава на мяжу Полацкага княства, дзе пабудаваў для іх горад Ізяслаў, вядомы цяпер як Заслаўе.

На парозе ХІ стагоддзя Рагнеда памерла. Паводле падання, яе пахавалі на гары паўвострава Перавоз, паміж вусцем рэчкі Ушы, якая ўпадае ў возера Дрысы, і вытокам рэчкі Дрысы, што выцякае з яго. На гэтым месцы нібыта быў забіты князь Рагвалод. Памяць пра гордую полацкую княгіню перажыла стагоддзі. Яшчэ ў ХІХ стагоддзі этнографы запісвалі паданні пра яе. Ці не гэта яскравае сведчанне народнай памяці аб Рагнедзе?

 

Алеся Парфёнава,

Наталля Мільто,

бібліятэкары